БЕЛАРУ́СКАЯ АЎТАКЕФА́ЛЬНАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЦАРКВА́
(БАПЦ),
адміністрацыйна незалежная ад інш. цэркваў правасл. царква бел. народа. Тэндэнцыі да адасаблення бел. епархій ад Рус. правасл. царквы выявіліся ў хуткім часе пасля ўтварэння БССР: абранне на Мінскім епархіяльным з’ездзе 1922 бел. мітрапаліта Мелхіседэка і абвяшчэнне мітраполіі аўтакефальнай царквой у 1927, адначасовае існаванне Беларускай аўтаномнай праваслаўнай царквы. Але яны не атрымалі развіцця з-за рэпрэсій з боку сав. улады (Мелхіседэк высланы, дзейнасць епархій фактычна спынена ў выніку арыштаў епіскапаў і святароў). Ва ўмовах ням.-фаш. акупацыі ў Вял. Айч. вайну частка духавенства і бел. антысав. арг-цыі паспрабавалі аднавіць БАПЦ. Было сфарміравана царк. кіраўніцтва (мітрапаліцкая ўправа, потым Сінод) на чале з мітрапалітам Панцеляймонам (П.С.Ражноўскім), праведзены падзел на епархіі. Аўтакефалія зноў абвешчана, але кананічна не аформлена. Былі супярэчнасці паміж епіскапатам і калабарацыянісцкімі дзеячамі, якія імкнуліся фарсіраваць беларусізацыю царквы і аддаліць духавенства прарус. арыентацыі, а з 1943 падначаліць царкву кантролю Беларускай цэнтральнай рады. Апынуўшыся ў эміграцыі ў Германіі, у 1946 епіскапат увайшоў у склад Рус. замежнай правасл. царквы. 3-і раз БАПЦ заснавана ў 1948 (гл. ў арт. Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква замяжой).
В.В.Антонаў.
т. 2, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)